На думку аналітыкаў Сусветнага банка, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках гэтага года вырасце на 2,2%. У восеньскім 2024-га аглядзе прагноз быў істотна ніжэй — 1,2%.
Разам з тым эксперты мяркуюць, што ў 2026-м эканоміка вырасце на 1,2%, па выніках 2027-га — на 0,8%.
Як паведамлялася, ВУП Беларусі за першы квартал 2025 года вырас на 2,8% да аналагічнага перыяду 2024-га. Яго аб’ём у наяўных цэнах склаў 81 млрд 356 млн 198 тыс. рублёў.
Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.
Напрыканцы сакавіка спецыялісты Еўразійскага банка развіцця пацвердзілі свой прагноз, у адпаведнасці з якім у 2025 годзе рост беларускай эканомікі запаволіцца да 2,6%.
Міжнародны валютны фонд у красавіцкім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца ў 2025-м на 2,8%.
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакае ў Беларусі росту ВУП на 2,5%.
pozirk.online/вх