З 23 па 29 чэрвеня каманда Прававой ініцыятывы і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі сёмы раз праводзіць кампанію «Тыдзень супраць катаванняў», прымеркаваную да Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяр катаванняў (26 чэрвеня).
Катаванні ў Беларусі застаюцца сістэмным злачынствам, нягледзячы на міжнародныя забароны, увагу праваабаронцаў і тысячы задакументаваных выпадкаў. Арганізатары кампаніі ўпэўненыя, што працягваць гаварыць аб гэтым неабходна, каб дабівацца справядлівасці і не дазволіць беспакаранасці ўкараніцца.
Цягам тыдня падрыхтавана разнастайная праграма. Мерапрыемствы пройдуць у Варшаве, Вільні і анлайн.
Сярод іншага, гэта канферэнцыя «Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі». Беларусь працягвае займаць сумнае лідарства ў Еўропе не толькі па колькасці зняволеных на душу насельніцтва, але і па колькасці зняволеных жанчын. Таксама гэта публічная дыскусія: «Вопыт гвалту і шляхі падтрымкі: голас квір-супольнасці», прысвечаную вопыту квір-персон, якія пацярпелі ад рэпрэсій, гвалту і пераследу.
У Музеі Вольнай Беларусі з 21 чэрвеня па 01 ліпеня будзе праходзіць выстава «Нічога асабліва новага». Назва выставы адсылае да фразы, якая часта паўтараецца, у лістах беларускіх палітвязняў — спробе схаваць боль і аднастайнасць турэмнай руціны. Аднак за гэтай будзённасцю - жывая тканіна несправядлівасці, праз якую прайшлі тысячы людзей. У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы палітвязняў, перададзеныя ў калекцыю музея: бытавыя прадметы, фрагменты лістоў, вершы, аўдыёзапісы - усё гэта становіцца дакументам часу і эмацыйным сведчаннем супраціву.
Поўная праграма тут.
ав