Беларуская Служба

Пазбаўленне волі можа пагражаць за незаконнае выкарыстанне беспілотнікаў

17.06.2025 17:16
Пазбаўленне волі хочуць увесці ў Беларусі за незаконны ўвоз і выкарыстанне беспілотнікаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота.@t.me/modmilby

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ліс.

Дэпутат адзначыў, што адпаведны законапраект унесены Саўмінам у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў красавіку бягучага года, ён распрацаваны ў адпаведнасці з палажэннямі ўказа Лукашэнкі аб дзяржуліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотнікаў.

Дакумент у тым ліку прадугледжвае асаблівы парадак увозу на тэрыторыю рэспублікі, а таксама захоўвання і выкарыстання беспілотнікаў і авіямадэлей.

«Як мы бачым, цяпер гэтыя, здавалася б, бяскрыўдныя, мірныя прадметы, як беспілотнікі, авіямадэлі, актыўна прымяняюцца на тэатры ваенных дзеянняў, могуць выкарыстоўвацца для ўчынення актаў тэрарызму і ў мэтах кантрабанды», — сказаў Ліс.

Ён дадаў, што бесперашкодны ўвоз і абарот беспілотнікаў уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.

Законапраектам прадугледжана перш за ўсё адміністрацыйная адказнасць для фізічных асоб за ўвоз, захоўванне, выраб, эксплуатацыю і абарот беспілотнікаў.

За паўторныя дзеянні на працягу года прадугледжана крымінальная адказнасць.

Паводле Sputnik/вх