Беларуская Служба

Сейм Літвы падтрымаў прапанову аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі

19.06.2025 17:13
Законапраект разглядаецца ў тэрміновым парадку, канчатковае галасаванне па ім запланаванае на наступны тыдзень.
Літоўскія сцягіshutterstock/Janis Smits

Сейм Літвы падтрымаў прапанову, якая дазваляе краіне ўводзіць нацыянальныя эканамічныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі. За ініцыятыву прагаласавалі 102 дэпутаты, адзін устрымаўся, паведамляе партал Літоўскай тэлерадыёвяшчальнай кампаніі.

Згодна з папраўкамі ў закон аб санкцыях, урад зможа складаць спіс асобаў і кампаній, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, у тым ліку замарожванне маёмасці і сектаральныя абмежаванні. Санкцыі будуць дзейнічаць супраць тых, хто падтрымлівае вайну, парушае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны або ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць апазіцыі.

Сектаральныя санкцыі ахопліваюць забарону на імпарт і экспарт тэхналогій, праграмнага забеспячэння і паслуг, якія могуць быць выкарыстаныя для вайсковых патрэб. У дадзеным выпадку прадугледжаныя выключэнні для медыцынскіх, фармацэўтычных і гуманітарных патрэб.

Законапраект разглядаецца ў тэрміновым парадку, канчатковае галасаванне па ім запланаванае на наступны тыдзень.

У красавіку Сейм Літвы ўжо прадаўжаў санкцыі супраць грамадзян Расіі і Беларусі, уключаючы абмежаванні на візы, дазволы на пражыванне і рух праз знешнюю мяжу ЕС. Першы закон аб нацыянальных санкцыях быў прыняты ў 2023 годзе.