Нобелеўскі камітэт «з вялікай занепакоенасцю» сочыць за сітуацыяй з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім і іншымі палітвязнямі ў Беларусі, гаворыцца ў лісце дырэктара Нобелеўскага інстытута Крысціяна Берга Харпвікена, паведаміла прэс-служба Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, паведамляе «Позірк».
Ліст напісаны ў адказ на зварот Паўла Латушкі, які звярнуўся да камітэта з просьбай надаць дадатковую ўвагу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
«Нобелеўская прэмія міру прыцягнула такую неабходную ўвагу <...> да лёсу Алеся Бяляцкага і да больш шырокай барацьбы за правы чалавека ў Беларусі. Аднак сітуацыя застаецца крытычнай, а ўвага міжнароднай супольнасці з часам слабее», — адзначыў Латушка.
У 2022 годзе прэмія была прысуджана кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязню Алесю Бяляцкаму, расійскай арганізацыі «Мемарыял» і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод.
яс