Беларусь «па-ранейшаму трымае пэўныя падраздзяленні» па накіраванні ўкраінскай мяжы – каб паказаць, што Кіеў «нібыта прадстаўляе пагрозу» для Мінска, заявіў 20 чэрвеня на тэлебачанні спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.
«Але такая сітуацыя [захоўваецца] яшчэ з 2022 года», – цытуе чыноўніка агенцтва «Укрінформ». Прадстаўнік ДПСУ дадаў, што беларускія ўлады «пастаянна падтрымліваюць такую рыторыку», паведамляе «Позірк».
У той жа час, паводле слоў Дземчанкі, на гэты момант «нейкіх сфармаваных сіл, якія знаходзіліся б на тэрыторыі Беларусі» па накіраванні ўкраінскай мяжы, «не фіксуецца».
Спікер ДПСУ падкрэсліў, што цяпер задача заключаецца ў тым, каб адсочваць сітуацыю «падчас сумесных вучэнняў Расіі і Беларусі, актыўная фаза якіх плануецца на верасень» (стратэгічныя вучэнні «Захад-2025»).
«У гэты час можа ўзрастаць рызыка для нашай краіны, асабліва з улікам таго, якую колькасць сваіх сіл Расія зможа прыцягнуць на тэрыторыю Беларусі да гэтых вучэнняў, – сказаў ён. – Але гэта задача падраздзяленняў выведкі – як Міністэрства абароны, так і Дзяржаўнай памежнай службы, – для таго, каб своечасова атрымаць неабходную інфармацыю, аналіз якой паказваў бы, наколькі пагроза можа ісці ў гэты час для нашай дзяржавы».
16 чэрвеня Дземчанка не выключыў, што падчас вучэнняў «Захад-2025» могуць быць зробленыя «нейкія дэманстратыўныя дзеянні» ў напрамку ўкраінскай мяжы.
За некалькі дзён да гэтага, 13 чэрвеня, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, спаслаўшыся на даныя Службы знешняй выведкі, паведаміў журналістам, што Беларусь, імаверна, паспрабуе адвесці сумесныя з Расіяй вучэнні «крыху ўглыб» сваёй тэрыторыі, далей ад мяжы з Украінай, каб пазбегнуць правакацый.
Раней Зяленскі неаднаразова заяўляў пра планаванае нарошчванне расійскай вайсковай моцы і магчымасці ўзброенага ўварвання арміі РФ на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі па аналогіі з падзеямі 24 лютага 2022 года. Тады расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі.
28 траўня міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў на сустрэчы з калегамі з краін АДКБ пра «зніжэнне параметраў» вучэнняў «Захад-2025» і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.
вс