Беларуская Служба

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект, які ўводзіць адказнасць за адсутнасць у продажы гародніны

23.06.2025 14:32
Нагадваем, шырокі грамадскі рэзананс увесну выклікала адсутнасць бульбы ў крамах, а таксама высокія кошты на той караняплод у Беларусі.
.    .
Бульба. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Alexei/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага схода прыняла 23 чэрвеня ў двух чытаннях законапраект аб увядзенні адказнасці за «непастаўку або недапастаўку» плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйных фондаў «для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб», паведамляе «Позірк».

Згодна з дакументам, як адзначае прэс-служба ПП НС, таксама нарыхтоўшчык будзе несці адказнасць за «адсутнасць такой прадукцыі ў рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце ў міжсезонны перыяд».

Падкрэсліваецца, што законапраект распрацаваны ў мэтах рэалізацыі прадпісанняў указа Аляксандра Лукашэнкі ад 11 чэрвеня № 232 «Аб асаблівасцях пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб».

Дакумент прадугледжвае ўвядзенне ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкула 13.12¹.
Права складаць пратаколы паводле гэтага артыкула прадастаўляецца «ўпаўнаважаным на тое службовым асобам сельскіх, пасялковых, раённых, гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю», гаворыцца ў паведамленні ПП НС.

Разглядаць справы аб такіх правапарушэннях будуць камісіі раённых і гарадскіх выканкамаў, адміністрацый раёнаў у гарадах, а таксама органы КДК і эканамічныя суды абласцей і Мінска.

Нагадваем, шырокі грамадскі рэзананс увесну выклікала адсутнасць бульбы ў крамах, а таксама высокія кошты на той караняплод.

аз

Улады збіраюцца штрафаваць прадаўцоў за адсутнасць бульбы

20.06.2025 10:29
Улады разглядаюць магчымасць увядзення санкцый для тых, хто не забяспечвае наяўнасць бульбы ў крамах.