Беларуская Служба

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт знайшоў парушэнні ў працы фонду BY_help

03.07.2025 14:21
Сярод заўваг да фонду BY_help, змешчаных у справаздачы, пазначаныя: сталы недахоп даверу ў камунікацыі; неаднаразовая ненадзейнасць у выкананні абавязанняў.
        BY_help
Нарвежскі Хельсінкскі камітэт знайшоў парушэнні ў працы фонду BY_help Фота: https://www.facebook.com/BYhelpBY/

Удзельнікі Гуманітарнага фонду атрымалі справаздачу пра парушэнні, у якой паведамлялася, што паводле вынікаў расследавання, NHC (Нарвежскі Хельсінкскі камітэт), які ёсць аператарам фонду, рэкамендуе спыніць супрацу з BY_help, паведамляе «Еўрарадыё».

18 сакавіка 2025 года Нарвежскі Хельсінкскі камітэт распачаў расследаванне ў дачыненні аднаго з удзельнікаў Гуманітарнага фонду. Тады ж усе аперацыі ў межах фонду былі прыпыненыя.

26 траўня года ўдзельнікі Гуманітарнага фонду (акрамя BY_help, туды ўваходзяць «Краіна для жыцця», BYSOL, Dissidentby, «Вольныя» і іншыя) атрымалі справаздачу пра парушэнні. Там паведамлялася, што на падставе вынікаў расследавання NHC рэкамендуе спыніць супрацу з BY_help.

Сярод заўваг да фонду BY_help, змешчаных у справаздачы, пазначаныя:

  • сталы недахоп даверу ў камунікацыі;
  • неаднаразовая ненадзейнасць у выкананні абавязанняў;
  • адсутнасць празрыстасці ў аперацыях і прыняцці рашэнняў;
  • нізкая адміністрацыйная здольнасць і нежаданне паляпшаць працэсы;
  • справаздачнасць, што не адпавядае стандартам NHC і патрабаванням донараў.

BY_help абвясціў пра добраахвотны выхад з Гуманітарнага фонду.

30 чэрвеня Хельсінкскі камітэт зрабіў поўную справаздачу пра парушэнні, знойдзеныя ў дзейнасці BY_help у межах Гуманітарнага фонду. Было пастаноўлена спыніць супрацу паміж ГФ і BY_help.

«BY_help прайшоў паўнавартасны аўдыт атрыманых ад фонду грошай, і пытанняў што да іх мэтавага выкарыстання не ўзнікла. Усе траты былі задакументаваныя адпаведнымі рахункамі і прынятыя аўдытарам напоўніцу. Для нас галоўнае, што мэтавасць выкарыстання грошаў не аспрэчваецца. Што да астатняга – гэта ўжо дробязі. Але ўлічваючы ўнутраную спрэчку, наш фонд прыняў рашэнне выйсці з Гуманітарнага фонду самастойна», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік BY_help Аляксей Лявончык.

BY_help працягне аказваць дапамогу і пры гэтым, як і раней, выкарыстоўваць мінімальную суму на адміністрацыйныя выдаткі і максімальную – на дапамогу мэтавай аўдыторыі, абяцае Лявончык.

эж