Беларуская Служба

З пачатку года ў Беларусі затрымалі 1 тыс. 700 чалавек па палітычна матываваных справах

04.07.2025 16:29
Таксама фіксуюцца выпадкі катаванняў і іншых формаў недапушчальнага абыходжання.
ТурмаShutterstock/Fanni_2021

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў сваім аглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў чэрвені падсумаваў вядомыя факты рэпрэсій у краіне ў першым паўгоддзі 2025 года.

Паводле праваабаронцаў, «у Беларусі захоўваецца складаная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў пратэстных ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў».

«Вясна» адзначае, што рэжым працягвае хаваць маштаб рэпрэсій, у тым ліку праз закрыццё доступу да раскладу судоў.

Паводле праваабаронцаў, з пачатку года вядома пра больш чым 1 тыс. 700 затрыманняў па палітычных матывах. Таксама фіксуюцца выпадкі катаванняў і іншых формаў недапушчальнага абыходжання.

Нягледзячы на тое, што з калоніяў вызваляюцца палітвязні ў сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на канец чэрвеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення свабоды знаходзіліся 1 тыс. 164 палітвязні (з іх 169 – жанчыны). Агулам з мая 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі былі прынятыя адносна 3 тыс. 945 чалавек.

«Вясне» таксама вядома пра больш чым 7 тыс. 116 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных справаў з 2020 года.

вс