Беларуская Служба

Архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы плануе зарэгістраваць місію ў Чарнігаве

07.07.2025 10:10
Кіраўнік БАПЦ архіепіскап Святаслаў Логін у 2020 годзе пракляў Аляксандра Лукашэнку і адлучыў яго ад Царквы.
Кіраўнік БАПЦ архіепіскап Святаслаў Логін facebook.com/christian.vision.by

Архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў Логін гэтымі днямі наведвае родны Чарнігаў, дзе нарадзіўся ў сям’і з беларускімі каранямі, з-пад Навагрудка.

Ён служыць у ЗША архіепіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ва Украіне бывае ў асноўным, каб дапамагаць беларускім ваярам — матэрыяльна і духоўна. Цяпер святар, які ў 2020 годзе абвясціў анафему Лукашэнку, плануе зарэгістраваць у Чарнігаве беларускую місію, паставіць капліцу, дзе беларусы маглі б сабрацца, памаліцца, заявіў святар у інтэрв’ю «Позірку».

«Паводле канонаў мы не можам адкрыць беларускую парафію ў Чарнігаве, бо гэта кананічная тэрыторыя ўкраінскай памеснай царквы. Але місію, нешта такое кшталту амбасады – можам і цяпер клапоцімся пра гэта. Хочацца, каб гэта было афіцыйна, каб місія была зарэгістраваная», – заявіў архіепіскап Святаслаў Логін.

«Мы пастаянна збіраем дапамогу беларускім ваярам, зыходзячы з іх патрэбаў. Збіраем і ў ЗША, і ў Канадзе, зімой збіралі і тут, у Чарнігаве, сярод украінцаў. Сітуацыя склалася так, што ўкраінцы дапамагаюць украінцам, а мы мусім дбаць пра нашых беларусаў. Зімой мы з дапамогай украінцаў сабралі вельмі патрэбныя на фронце рэчы: цеплавізар, генератар, газавыя гарэлкі, цёплыя рэчы, у тым ліку вязаныя шкарпэткі, спецыяльныя цёплыя паясы, акопныя свечкі, добрую ежу ад мясцовых фермераў – мяса, сала», – распавёў Логін.

Акрамя таго, паводле яго слоў, ладзіліся сустрэчы з дэпутатамі, бізнесменамі, якія хочуць падтрымаць беларусаў.

Праваслаўны святар, архіепіскап БАПЦ у лістападзе 2020 года абвясціў анафему Аляксандру Лукашэнку.

аз