Беларуская Служба

У Беларусі набірае абароты кадравы «голад». Такога дэфіцыту работнікаў у краіне яшчэ не было

07.07.2025 13:45
У Беларусі працягвае нарастаць дэфіцыт кадраў. На 6 ліпеня ў цэлым па краіне не хапае амаль 215,5 тысячы работнікаў. Такая колькасць прапановаў ад наймальнікаў размешчаная ў агульнарэспубліканскім банку вакансій.
.
.atlant.by

На 6 ліпеня ў Беларусі былі адкрытыя 215 469 вакансій. Для параўнання: на 25 чэрвеня наймальнікам патрэбны быў 212 691 работнік, а на 31 траўня – 209 284 работнікі, піша zerkalo.io.

Найбольш кадраў цяпер патрабуецца ў Мінску – 59 905. У Мінскай вобласці трэба амаль 35,3 тысячы, у Брэсцкай – 26,9 тыс., у Віцебскай – 22,8 тыс.

Раней у Мінпрацы звярталі ўвагу, што ў Мінску патрабуецца больш за ўсё работнікаў – каля чвэрці ад усіх вакансій па краіне.

Асабліва патрэбныя ў сталіцы кадры ў сферы IT, гандлі і медыцыне.

Раней, 21 студзеня гэтага года, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна актыўней прыцягваць на рынак працы тых, хто не працуе. Асабліва ён звяртаў увагу на Мінск. А ў лістападзе 2024-га палітык сказаў, што ў Беларусі не мусіць быць «бамжоў і дармаедаў».

У красавіку гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць 150 тысяч спецыялістаў з Пакістана, каб паправіць сітуацыю на рынку працы.

Пасля гэтага міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што пасля рэйдаў міліцыі па «дармаедах» у Мінску людзі пачалі часцей звяртацца ў цэнтры занятасці насельніцтва. Цяпер міліцыю прыцягваюць для працы з «дармаедамі» таксама і ў рэгіёнах.

Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын – ад’езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні праз «палітыку».

вх