Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), лаяльны рэжыму Алякснадра Лукашэнкі чакае, што інфляцыйны ціск у Беларусі захаваецца, а рост цэнаў да канца года будзе падвышаным. Пра гэта гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін-удзельніц банку, піша reform.news.
Паводле Белстату, у чэрвені гадавая інфляцыя паскорылася да 7,3 % (у траўні — 7,1 %). Найбольш інфляцыя ўзрасла ў сектары харчовых тавараў — да 10,5 % (у траўні — 9,6 %) і нехарчовых — да 3,6 % (папярэдне — 3,2 %). Рост цэнаў на паслугі крыху запаволіўся і склаў 7,1 %.
Базавая інфляцыя ўзрасла да 7,4 %, што сведчыць пра стойкі інфляцыйны ціск. Яго падтрымліваюць высокі спажывецкі попыт, рост рэальных заробкаў (+11,4 % за студзень–травень) і пашырэнне крэдытавання.
Паводле прагнозу ЕАБР, у 2025 годзе інфляцыя ў Беларусі можа дасягнуць 7,7 %, нягледзячы на афіцыйную мэту — не вышэй за 5 %, зацверджаную Аляксандрам Лукашэнкам.
У канцы чэрвеня ўрад ізноў узмацніў кантроль за цэнамі, які быў часткова паслаблены ў красавіку.
эж