«Магілёўхімвалакно» пасля ўрагану ў ноч на 10 ліпеня прабудзе без электрычнасці яшчэ мінімум тыдзень. Пра гэта распавёў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз, якога цытуе belsat.eu. Чыноўнік паведаміў пра наступствы непагадзі, якая трымалася з 9 да 11 ліпеня ды прывяла да масавых адключэнняў электраэнергіі ў мностве населеных пунктаў Магілёўшчыны.
Паводле звестак функцыянера рэжыму, электраэнергію падалі ўва ўсе населеныя пункты, якія пацярпелі ад непагадзі. Падалі электрычнасць і на ўсе прадпрыемствы, акрамя «Магілёўхімвалакна». Чыноўнік тлумачыць гэта тым, што гэты ўчастак самы цяжкі для аднаўлення, поўнае аднаўленне электразабеспячэння «Магілёўхімвалакна» зойме не менш за тыдзень.
Станам на 1 студзеня 2024 года на прадпрыемстве працавалі 4,8 тыс. чалавек. Усяго падчас непагадзі ад сістэмы электразабеспячэння адключалася больш за 1,3 тыс. населеных пунктаў.
эж