У чацвёртую гадавіну затрымання праваабаронцаў «Вясны» FIDH і яшчэ 30 арганізацый заклікалі вызваліць беларускіх калег. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і яшчэ 30 арганізацый выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх сябраў Праваабарончага цэнтра «Вясна», а таксама ўсіх астатніх праваабаронцаў, адвольна затрыманых у Беларусі.
У заяве адзначаецца, што праваабаронцы знаходзяцца ў жорсткіх умовах утрымання ды зведваюць жорсткае абыходжанне.
«У прыватнасці, сітуацыя з Алесем Бяляцкім выклікае сур'ёзную трывогу: яго камунікацыя з сям'ёй нестабільная — у апошні раз яго жонка атрымлівала ад яго ліст у снежні 2024 года, і цалкам верагодна, што яе лісты да яго не дайшлі. Таксама няма ніякіх сведчанняў таго, што ён атрымлівае дастатковую і своечасовую медычную дапамогу ў сувязі са сваімі хранічнымі захворваннямі, што выклікае сур'ёзныя асцярогі з нагоды пагаршэння яго здароўя праз умовы турэмнага зняволення», — гаворыцца ў заяве.
Падпісанты заклікаюць беларускія ўлады гарантаваць у любых абставінах фізічную недатыкальнасць і псіхалагічны дабрабыт Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Марфы Рабковай, а таксама ўсіх астатніх адвольна затрыманых праваабаронцаў і неадкладна і безумоўна вызваліць іх.
Арганізацыі таксама асуджаюць рэпрэсіі ў Беларусі, якія працягваюцца, і падкрэсліваюць, што палітычна матываваныя, адвольныя пераследы і жорсткае абыходжанне з праваабаронцамі ў Беларусі мусіць спыніцца. Яны таксама заклікаюць да міжнароднай адказнасці ды неадкладнага спынення ўсіх формаў палітычна матываванага пераследу, уключна з эскалацыяй транснацыянальных рэпрэсій, накіраваных супраць беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці агулам, як у Беларусі, так і за мяжой.
Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл