Беларуская Служба

У Беларусі арыштавалі зямельны ўчастак экс-рэдактара «Новага Часу» Аксаны Колб

16.07.2025 11:33
У Беларусі арыштавалі зямельны ўчастак былой палітвязынкі, былой галоўнай рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб. Пра гэта паведамляе БАЖ.
Аксана Колбфота: «Новы Час»

Арышт адбыўся яшчэ год таму, але Колб даведалася пра гэта толькі зараз. Па словах журналісткі, уся маёмасць, якая заставалася ў яе ў Беларусі - зямельны ўчастак у 6 сотак - спадчына ад маці, і каля 30 акцый прадпрыемства «Лідабудматэрыялы».

«На днях высветлілася, што 31 ліпеня 2024 г. на ўчастак наклалі арышт. Ці арыштаваныя акцыі, не ведаю, але думаю, што так. Пацвердзіць гэта пакуль не магу», - распавяла Колб.

Аксана Колб была затрымана 20 красавіка 2022 года. Тады група сілавікоў са шчытамі і кавадламі прыехала да яе ў кватэру, каб забраць «на допыт у Следчы камітэт». Праз два дні стала вядома, што ёй выставілі абвінавачанне па ч. 1 ст. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Журналістку ўзялі пад варту і да суда ўтрымлівалі ў следчым ізалятары.

15 чэрвеня 2022 года суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк прызнаў яе вінаватай і прызначыў 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Журналістку часова вызвалілі ў залі суда, і яна з'ехала з Беларусі. Восенню 2022 года МУС уключыла былую палітвязынку ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».

У канцы 2024 года ў дачыненні да Аксаны Колб распачалі яшчэ адну крымінальную справу. Падрабязнасцяў яна не ведае, але справа заведзена Следчым камітэтам у Брэсце нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

У сакавіку 2025 года былая галоўрэда на беларускі адрас атрымала позву ў суд Валожынскага раёна — яе выклікалі «ў якасці асуджанай», каб замяніць «хімію» на «строгае пакаранне».

Люстэрка/ав