Паводле звестак «Вясны», восем палітвязняў памерлі ў беларускіх турмах, вядома пра адзін выпадак самагубства. Эксперты ААН накіравалі ліст беларускім уладам, звяртаючы іх увагу на асцярогі з нагоды магчымых грубых парушэнняў правоў чалавека ў сувязі са смерцямі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.
«За апошнія чатыры гады некалькі чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі, памерлі ў месцах пазбаўлення волі або неўзабаве пасля вызвалення», − адзначылі эксперты.
Яны адзначылі, што гэтыя смерці адбываюцца на фоне пастаянных паведамленняў аб жорсткім абыходжанні з людзьмі, пазбаўленымі волі за выказванне нязгоды з уладамі, у тым ліку з удзельнікамі пратэстаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
«У выпадку наступлення смерці ў зняволенні прэзумпцыя адвольнага пазбаўлення жыцця можа быць аспрэчаная толькі на падставе належнага расследавання», − падкрэслілі эксперты.
Вясна/ав