Беларуская Служба

У Беларусі вызначылі, як будуць працаваць шпіталі пры масавым паступленні траўмаваных

17.07.2025 17:52
Міністэрства аховы здароўя Беларусі зацвердзіла інструкцыю аб парадку арганізацыі медычнай дапамогі пры масавым паступленні пацыентаў з траўмамі.
Медыцынаfernandozhiminaicela /pixabay.com/CC0 Public Domain

Як вынікае з тэксту дакументу, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, масавым паступленнем траўмаваных будзе лічыцца, калі ў раённую ці мясцовую лякарню прывозяць адразу больш за пяць пацыентаў цягам адной гадзіны, двум з якіх патрабуецца тэрміновая медычная дапамога, а ў выпадку з гарадскімі і рэспубліканскімі лякарнямі — адпаведна больш за 10 траўмаваных, тром з якіх патрэбная тэрміновая дапамога.

Пры паступленні ў лякарню будуць «сартаваць» пацыентаў: у «чырвоны» паток уключаць тых, хто патрабуе тэрміновай дапамогі, у «жоўты» — тых, каму патрэбная неадкладная дапамога, а ў «зялёны» — траўмаваных, якія захавалі здольнасць да самастойнага перамяшчэння і самаабслугоўвання. Пацыентаў будуць адпаведна пазначаць.

Інструкцыя таксама вызначае алгарытм дзеянняў супрацоўнікаў і кіраўнікоў лякарняў пры атрыманні інфармацыі аб масавым траўмаванні грамадзян.

Адзначаецца, што пры масавым паступленні пацыентаў з траўмамі могуць спыніць усе планавыя аперацыі, не звязаныя з пагрозамі жыццю хворых.

Свабода/ав