Беларуская Служба

Літоўская кампанія, якая займалася перавалкай беларускага калію, прапанавала аднавіць транзіт у абмен на адкліканне іску ў Судзе ЕС

18.07.2025 09:07
 Міністр транспарту Эўгеніюс Сабуціс адзначыў, што транзіт забаронены згодна з міжнароднымі санкцыямі і ніякія перамовы па гэтым пытанні не вядуцца.
 .  .
Калійныя ўгнаенні. Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/CatKosianok

Кампанія Birių krovinių terminalas (BKT), якая займалася перавалкай беларускага калію ў порце Клайпеды, звярнулася да ўрада Літвы з прапановай аднавіць транзіт угнаенняў з Беларусі, спасылаючыся на літоўскае агенцтва BNS, паведамляе партал reform.news.

У распараджэнні рэдакцыі BNS апынуўся ліст генеральнага дырэктара BKT Русланаса Малінінаса на імя прэм’ер-міністра Гінтаутаса Палуцкаса. У ім кампанія прапануе заключыць міравое пагадненне і аднавіць пастаўкі калійных угнаенняў, у абмен на адкліканне іску супраць Рады ЕС у Судзе  ЕС.

У лісце гаворыцца, што транзіт можа быць адноўлены паводле спецыяльнага механізму, падобнага да калінінградскага, з улікам глабальнай харчовай бяспекі і скарачэння даходаў Расіі ад лагістыкі беларускага калію.

Урад Літвы заяўляе, што такі ліст не паступаў. Міністр транспарту Эўгеніюс Сабуціс адзначыў, што транзіт забаронены згодна з міжнароднымі санкцыямі і ніякія перамовы па гэтым пытанні не вядуцца.

эж