Каля 122 тыс. еўрапейскіх турыстаў наведала Беларусь, уехаўшы праз чатыры даступныя для падарожнікаў пункты пропуску на мяжы з ЕС, за год дзеяння бязвізавага парадку ўезду для грамадзян дзяржаў з так званага пашыранага спісу, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Ведамства не ўдакладняе, унікальная гэта ці агульная колькасць перасячэнняў мяжы. Напрыклад, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы летась паведамляла, што за жнівень 7 тыс. 358 суграмадзян перасяклі літоўска-беларускую мяжу больш за 10 тыс. разоў, гэта значыць некаторыя – больш за адзін раз.
Для параўнання: у 2024 годзе Польшчу наведала 7 млн 900 тыс. замежных турыстаў, Літву – больш за 1 млн 300 тыс.
Дзяржпагранкамітэт адзначае, што большасць «бязвізавых гасцей» прыязджае ў Беларусь з боку Літвы.
Больш чым за тры гады, якія мінулі з увядзення бязвізу для грамадзян суседніх краін ЕС, Беларусь, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, наведала сама меней 1 млн 153 тыс. еўрапейцаў.
Улады суседніх дзяржаў Еўрасаюза наадварот заклікаюць сваіх суайчыннікаў устрымацца ад наведвання Беларусі з меркаванняў бяспекі.
Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года – Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.
Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025 года, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.
вс