У Беларусі, імаверна, рыхтуюць мігрантаў для больш хуткіх спробаў незаконна перайсці мяжу ў дзяржавы Еўрасаюзу, лічыць Альгіс Кісіелюс – кіраўнік памежнай заставы ў Капчаміесцісе ў Літве на сутыку межаў з Беларуссю і Польшчай. Ён падазрае, што ў Беларусі можа быць копія фізічнага бар’еру, на якой мігрантаў загадзя трэніруюць, паведамляе партал Delfi.
Мігранты, адзначае ён, дзейнічаюць вельмі аператыўна: за паўтары-дзве хвіліны праз плот могуць перабрацца 15 чалавек. Яны маюць драбіны якраз такой даўжыні, як трэба, каб прымяць калючы дрот на плоце, а апошнім часам драбіны зрабіліся большымі і масіўнейшымі. Таксама мігранты маюць нажніцы для металу, рыдлёўкі, а часам і гумовыя лодкі – бывала, што Нёман пераплывалі на ёй 8-9 чалавек.
Вядуць мігрантаў беларусы, лічаць Кісіелюс. Праваднікі хаваюцца пад маскамі, але размаўляюць і лаюцца па-руску, іх «выдае іншая структура цела»: яны больш масіўныя за тыповых мігрантаў.
Застава ў Капчаміесцісе найчасцей фіксуе спробы незаконна перайсці мяжу: сёлета там затрымалі каля 100 чалавек (гэта каля паловы затрыманых на ўсёй літоўскай мяжы) і не дапусцілі пераходу мяжы яшчэ 150 мігрантамі (агулам на літоўскай мяжы – 942 з пачатку года, тады як за цэлы мінулы год было 1002 спробы). У памежнікаў двойчы кідалі камяні, яшчэ раз – палкі і іншае, што трапіла пад руку.
Апошнім часам шмат мігрантаў ідзе не праз Літву, а праз Польшчу і Латвію. Паводле звестак літоўскіх памежнікаў, за мінулы дзень у Літве не было заўважана ніводнай спробы незаконнага пераходу мяжы, у Латвіі – 61 спроба. За дзень да гэтага ў Польшчы зафіксавалі 62 спробы. Вечарам 15 ліпеня мігранты кінулі ў польскіх памежнікаў «кактэйль Молатава», зазначае «Белсат».
вс