Рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў другім квартале 2025 года запаволіўся, у тым ліку праз спад попыту на расійскім рынку. Як адзначае эканаміст аналітычнага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык, у апрацоўчай прамысловасці рост можа быць нулявым, — паведамляе svaboda.org.
Паводле Белстату, за студзень–чэрвень ВУП Беларусі вырас на 2,1% (супраць 2,5% у студзень–травень). У чэрвені гадавы тэмп росту знізіўся да 0,3% — найніжэйшы паказчык з лютага 2023-га. У параўнанні з траўнем ВУП у чэрвені скараціўся на 1% (у пастаянных цэнах).
Слабыя паказчыкі былі амаль ва ўсіх сектарах, асабліва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Аграрны сектар адчуў уплыў надвор’я, а прамысловасць — зніжэнне збыту і рост складскіх запасаў.
Анатоль Харытончык прагназуе, што рост ВУП па выніках 2025 году можа скласці каля 2%, калі не будзе нечаканых эканамічных шокаў.
эж