Беларуская Служба

Надзея пакуль не апраўдалася: ксяндза Акалатовіча вярнулі ў калонію

23.07.2025 12:45
Аказалася, што святара пераводзілі ў СІЗА для разгляду яго скаргі на прысуд, з якім ён не згодны, не прызнаючы сябе ў чымсьці вінаватым.
Арыштаваны беларускі ксёндз Генрых Акалатовічcatholic.by

Былы пробашч каталіцкай парафіі ў Валожыне ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачанні ў «здрады дзяржаве», зноў накіраваны ў калонію ў Бабруйску, даведаліся вернікі, піша katolik.life.

Раней стала вядома, што святара, які ўжо знаходзіўся ў калоніі, нечакана вярнулі ў СІЗА Мінска. У вернікаў тады з'явілася надзея, што яго рыхтуюць да вызвалення перад прыездам у Беларусь новага Апостальскага нунцыя, дыпламатычнага прадстаўніка Ватыкана.

Але аказалася, што святара пераводзілі ў СІЗА для разгляду яго скаргі на прысуд, з якім ён не згодны, не прызнаючы сябе ў чымсьці вінаватым.

Ці быў у выніку зменены прысуд? Наколькі вядома вернікам, не - прысуд застаўся ранейшым. Верагодна, скаргу разглядаў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі, паколькі абскарджанне рашэння Мінскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе ўжо адбывалася. Але падрабязнасці вернікам не вядомы.

Такім чынам, прыезд новага Апостальскага нунцыя пакуль ніяк не паўплываў на сітуацыю, аднак пакуль і не было ўручэння Даверчых грамат, нічога не паведамлялася і аб якіх-небудзь сустрэчах прадстаўніка Апостальскай Сталіцы з уладамі, піша katolik.life.

katolik.life/ав