Беларуская Служба

Пакістанцы, якія адпраўляюцца на працу ў Беларусь, будуць падпісваць абавязацельства аб нелегальнай міграцыі

23.07.2025 13:59
Стандартная аперацыйная працэдура была распрацавана для «бяспечнай і празрыстай» міграцыі.
,
Пешавар, Пакістан PAP/EPA/BILAWAL ARBAB

Пакістанцы, якія адпраўляюцца на працу ў Беларусь, будуць падпісваць абавязацельства аб тым, што выканаюць працоўны кантракт і не будуць удзельнічаць у нелегальнай міграцыі. Пра гэта гаворыцца ў стандартнай аперацыйнай працэдуры, распрацаванай Бюро па эміграцыі і замежнай занятасці Пакістана. Дакумент апублікаваны на сайце бюро піша Reform.

Як адзначае бюро, Беларусь адчувае «востры недахоп кваліфікаванай і паўкваліфікаванай працоўнай сілы» і прапанавала працаўладкаваць да 150 тысяч пакістанцаў. Стандартная аперацыйная працэдура была распрацавана для «бяспечнай і празрыстай» міграцыі.

Згодна з дакументам, дазвол на набор супрацоўнікаў будзе выдавацца ліцэнзаваным агенцтвам па працаўладкаванні за мяжой пасля праверкі з боку пасольства Пакістана ў Беларусі. Агенцтва павінна прадставіць шэраг абавязковых дакументаў, у тым ліку рэгістрацыйнае пасведчанне працадаўцы, пацвярджэнне вакансій, доказ фінансавай заможнасці, праект працоўных дагавораў. Памер камісіі не павінен перавышаць двухмесячнага заробку работніка.

Распрацаваны спецыяльныя меры для спынення нелегальнай міграцыі ў Еўрасаюз. Пакістанцы, якія адпраўляюцца ў Беларусь, павінны будуць падпісаць афідэвіт (пісьмовую заяву), у якой абавязваюцца выканаць працоўны кантракт і не ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі. Адзін з членаў іх сям'і павінен будзе падпісаць абавязацельства аб выкананні гэтых умоў. Парушальнікаў будуць уносіць у чорны спіс для замежнага працаўладкавання.

Пасольства Пакістана ў Беларусі будзе абавязана падаваць штоквартальныя справаздачы аб статусе работнікаў і выпадках уцёкаў. Перад адпраўкай у Беларусь работнікаў праінфармуюць аб наступствах нелегальнай міграцыі.

Нагадаем, дэлегацыя МУС Беларусі на чале з начальнікам Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксеем Бягуном абмяркоўвала ў Пакістане пытанні працоўнай міграцыі.

Reform/ав