Ціханоўскі заклікаў беларусаў працягваць змаганне з рэжымам Лукашэнкі, не забываць сваю мову і культуру, кантактаваць паміж сабой, дапамагаць адзін аднаму: «Наша задача — вярнуць сваю краіну, а пакуль мы ў выгнанні — не страціць паміж сабой сувязь».
Экс-палітвязень кажа, што як прадпрымальнік хацеў прапанаваць беларусам у ЕС «стварыць бізнес-хабы, каб яны і іх сем'і кантактавалі паміж сабой». Ён нагадаў, што за мяжу выехала шмат кваліфікаваных спецыялістаў. «Я і да 2020-га дапамагаў людзям і цяпер хачу ім дапамагчы. Менавіта гэта я меў на ўвазе і пра гэта казаў больш падрабязна ў сваіх папярэдніх інтэрв'ю».
Таксама Ціханоўскі выказаў падзяку Літве за яе дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі. «Я заклікаю беларусаў вучыць літоўскую мову і сам збіраюся запісацца на курсы літоўскай. Ніхто не смее замахвацца на ваш суверэнітэт. І я разумею, чаму гэта так важна», - дадаў ён.
Скандал разгарэўся пасля інтэрв'ю Сяргея Ціханоўскага Мікіту Мелказёраву. Экс-палітвязень прапанаваў ствараць за межамі Беларусі «беларускія астравы». Як прыклад ён згадаў Габрэйскую аўтаномную акругу ў Расіі ды тэрыторыі, заселеныя немцамі ў Паволжжы.
Гэта выклікала шырокі рэзананс у літоўскіх СМІ. 22 ліпеня заяву Ціханоўскага пракаментаваў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Ён заявіў, што ніякіх беларускіх анклаваў у Літве не будзе. Разам з тым Наўседа заклікаў ставіцца з разуменнем да словаў чалавека, які толькі нядаўна вызваліўся з беларускай турмы: «Магчыма, у яго крыху іншае ўяўленне аб працэсах, якія насамрэч адбываюцца, калі ён шмат гадоў правёў у цёмнай турме. Давайце зразумеем яго сітуацыю, пастараемся ацаніць цвяроза».
Еўрарадыё/ав