Урад Эстоніі 24 ліпеня прыняў рашэнне зрабіць санкцыі супраць Беларусі бестэрміновымі, працягнуўшы забарону на ўезд для Аляксандра Лукашэнкі і іншых ключавых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на ERR.
Ініцыятыву ўнёс міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна, падкрэсліўшы, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменнай, а падтрымка Мінскам расійскай агрэсіяй супраць Украіны толькі ўзмацняе неабходнасць ціску.
«На працягу амаль пяці гадоў пасля ўвядзення санкцый у Беларусі не адбылося пазітыўных змен. Мы не можам заплюшчваць вочы на рэпрэсіі, якія працягваюцца, таму санкцыі павінны захоўвацца без абмежавання па тэрмінах», – заявіў Цахкна, словы якога перадала прэс-служба МЗС Эстоніі.
На загад міністра, у спісе асоб, якія трапляюць пад санкцыі, значацца 273 чалавекі, уключаючы высокапастаўленых чыноўнікаў, суддзяў, сілавікоў, прапагандыстаў і набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. У тым ліку і сам Лукашэнка, якога ні Эстонія, ні шэраг іншых краін ЕС не лічаць легітымным кіраўніком дзяржавы. Таксама ў пераліку – старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, старшыня НАК Віктар Лукашэнка, малодшы сын Мікалай Лукашэнка, старшыня КДБ Іван Церцель, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, генеральны пракурор Андрэй Швед і іншыя.
Санкцыі былі ўпершыню ўведзены Эстоніяй у 2020 годзе на фоне маштабных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Раней яны некалькі разоў працягваліся і былі тэрміновымі.
аз