Беларуская Служба

Засталося два тыдні, каб падаць заяўку на тры прэстыжныя праграмы навучання і прафесійнага развіцця ў ЗША

24.07.2025 17:30
Праграмы разлічаныя на ўсіх грамадзян Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням, незалежна ад іх месца жыхарства ў цяперашні час.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Грамадзяне Беларусі маюць унікальную магчымасць узяць удзел у трох вядомых міжнародных праграмах, што фінансуюцца ўрадам ЗША: Hubert H. Humphrey Fellowship, Fulbright Foreign Student Program і Fulbright Faculty Development Program. Усе праграмы забяспечваюць поўнае фінансаванне выдаткаў і спрыяюць развіццю прафесійнага патэнцыялу, акадэмічных ведаў і міжнародных сувязей.

Тэрмін падачы заявак на ўсе праграмы – 10 жніўня 2025 года, 23:59 (UTC+3), нагадвае «Наша Ніва».

Праграма стыпендый Х’юберта Хамфры (Hubert H. Humphrey Fellowship)

Гадавая праграма для дасведчаных спецыялістаў(-ак) з лідарскім патэнцыялам і імкненнем працаваць на карысць грамадства. Удзельнікі(-цы) распрацоўваюць уласную праграму прафесійнага росту без атрымання ступені ў адным з вядучых універсітэтаў ЗША.

Падыходзіць для спецыялістаў у галінах: дзяржаўнай палітыкі, эканомікі, правоў чалавека, журналістыкі, аховы здароўя, экалогіі, адукацыі ды інш.

Асноўныя патрабаванні:
грамадзянства Беларусі;
скончаная вышэйшая адукацыя (бакалаўр ці эквівалент);
мінімум 5 гадоў прафесійнага досведу;
добры ўзровень англійскай;
лідарскі патэнцыял.

Праграма Fulbright Faculty Development Program для выкладчыкаў(-чыц) ВНУ (FFDP)

Семестравая прафесійная стажыроўка для выкладчыкаў(-чыц) ВНУ без атрымання ступені. Праграма дае магчымасць распрацаваць новыя курсы, палепшыць методыкі выкладання, правесці даследаванні і наладзіць акадэмічныя сувязі.

Асноўныя патрабаванні:
грамадзянства Беларусі;
скончаная вышэйшая адукацыя (бакалаўр ці эквівалент);
з’яўляцца выкладчыкам(-цай) установы вышэйшай адукацыі ў Беларусі ці іншай краіне на момант падачы заяўкі;
мець досвед выкладання ва ўстанове вышэйшай адукацыі не меншы за два гады на момант падачы заяўкі;
добры ўзровень англійскай;

Праграма Fulbright Foreign Student для замежных студэнтаў(-ак) (FFSP)

FFSP дазваляе атрымаць ступень магістра ў ЗША ў галінах міжнародных адносін, адукацыі, права, экалагічнай палітыкі, дзяржаўнага кіравання, журналістыкі, аховы здароўя ды інш.

Асноўныя патрабаванні:
грамадзянства Беларусі;
скончаная вышэйшая адукацыя (бакалаўр ці эквівалент);
добры ўзровень англійскай.

Умовы ўдзелу і фінансаванне

Усе праграмы цалкам фінансуюцца і ўключаюць:
навучанне або стажыроўку;
аплату авіяпералётаў;
штомесячную стыпендыю;
медыцынскую страхоўку;
падтрымку ў візавых працэдурах;
візавую падтрымку для сям’і на працягу праграмы.

Роўны доступ

Удзел у праграмах магчымы для ўсіх грамадзян(-ак) Беларусі, незалежна ад месца жыхарства. Усе канкурсанты(-кі) маюць роўныя правы, незалежна ад расы, полу, мовы, рэлігіі ці іншых прыкмет.

Па ўсіх пытаннях пішыце на: belarus@americancouncils.org

аз