Беларуская Служба

У Варшаве адбудзецца фестываль нямога кіно, арганізаваны беларусамі

26.07.2025 17:02
Кінакрытык Ірэна Кацяловіч паведаміла, што 14 жніўня ў Варшаве пачнецца фэст «Нямая ліхаманка», у арганізацыі якога, сярод іншых, бярэ ўдзел яна.
.
..

«Чатыры чацвяргі з нямымі фільмамі пад адкрытым небам у суправаджэнні жывой музыкі, напісанай кампазітарамі з Польшчы і Беларусі. Мне асабіста вельмі падабаецца, што пакажам і «Прастытутку», паводле адной з версій першы беларускі фільм. У еўрапейскіх краінах бачная вялікая павага і інтарэс да нямых стужак — мы паглядзелі на гэта і вырашылі зрабіць яшчэ адно свята кіно ды музычнай інтэрпрэтацыі ў польскай афішы», — напісала Ірэна Кацяловіч.

Ірэна Кацяловіч мае на ўвазе фільм Алега Фрэйліха «Прастытутка», зняты на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў 1926 годзе.

Жывую музыку падчас паказу нямых стужак будуць выконваць польскія творцы Дар’юш Пшыбыльскі, Аляксандра Хмялеўска, Філіп Спорняк і беларускія — Вольга Падгайская і Five-Storey Ensemble.

Фінансавым спонсарам фестывалю выступіў Мацей Радзівіл.

Фестываль будзе праходзіць у двары Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве па адрасе вул. Фоксал, 11.

Свабода/ав