«Разам з калегамі з «Кіберпартызаны BY» заяўляем пра паспяховае правядзенне працяглай і маштабнай аперацыі, у выніку якой была цалкам скампраметаваная і знішчаная ўнутраная IT-інфраструктура «Аэрафлот – расійскія авіялініі», – гаворыцца ў заяве, паведамляе Белсат.
Паводле яе, цягам года хакеры былі ўнутры карпаратыўнай сеткі кампаніі, метадычна развіваючы доступ, паглыбляючыся да самага ядра інфраструктуры. У выніку яны здолелі выпампаваць поўны масіў базаў звестак гісторыі пералётаў, скампраметаваць усе крытычныя карпаратыўныя сістэмы, атрымаць кантроль над персанальнымі камп'ютарамі работнікаў, уключаючы вышэйшае кіраўніцтва, скапіяваць звесткі з сервераў праслухоўвання, у тым ліку аўдыязапісы тэлефонных размоваў і перахопленыя камунікацыі, выняць інфармацыю з сістэмаў назірання і кантролю за персаналам.
«Усе гэтыя рэсурсы цяпер недаступныя або знішчаныя, аднаўленне будзе патрабаваць, магчыма, дзясяткі мільёнаў долараў. Шкода – стратэгічная», – заявілі хакеры.
Найбліжэйшым часам яны абяцаюць публікацыю часткі атрыманых звестак.
Раніцай 28 ліпеня прэсавая служба кампаніі «Аэрафлот» заявіла, што ў працы інфармацыйных сістэмаў адбыўся збой. Паведамляецца пра магчымыя перабоі ў функцыянаванні сервісаў і вымушанае карэктаванне раскладу рэйсаў, у тым ліку шляхам пераносу і скасавання.
Белсат/ав