Беларуская Служба

«Аэрафлот» працягвае адмяняць рэйсы пасля хакерскага нападу, у тым ліку ў Мінску

29.07.2025 13:40
Па ацэнках экспертаў РБК, толькі з-за адмены рэйсаў, планаваных на 28 ліпеня «Аэрафлот» мог страціць да 250 мільёнаў расійскіх рублёў.
Нацыянальны аэрапорт «Мінск»Крыніца: Vasyatka1/CC BY-SA 4.0/commons.wikimedia.org

Найбуйнейшая расійская авіякампанія «Аэрафлот» паведаміла аб адмене сямі пар авіярэйсаў, прадугледжаных раскладам на 29 ліпеня.

28 ліпеня былі адменены амаль 60 пар рэйсаў кампаніі. Гэта растлумачылі збоем у працы інфармацыйных сістэм, адказнасць за які ўзялі на сябе хакерскія групоўкі Silent Crow і «Кіберпартызаны BY». Актывісты заявілі аб знішчэнні ўнутранай ІТ-інфраструктуры расійскай авіякампаніі «Аэрафлот», нагадвае «Свабода».

Генпракуратура Расіі пацвердзіла, што прычынай збою стала хакерская атака, і завяла крымінальную справу. «Аэрафлот» інфармацыю аб узломе сваіх сістэм хакерамі не каментуе. Па ацэнках экспертаў РБК, толькі за 28 ліпеня «Аэрафлот» мог страціць да 250 мільёнаў расійскіх рублёў.

З-за маштабнай хакерскай атакі на расійскую кампанію «Аэрафлот» скасавалі яшчэ некалькі рэйсаў Масква-Мінск і ў зваротны бок. Сёння былі скасаваныя начныя рэйсы Масква-Мінск, які вылятае ў 00.20, і рэйс на 9.10. Таксама не паляцелі самалёты Мінск-Масква раскладам на 6.30 і 11.40.

аз

Беларускія «Кіберпартызаны» датычныя да збою ў працы «Аэрафлоту»

28.07.2025 10:30
Хакерская групоўка «Silent Crow» узяла на сябе адказнасць за збой у працы расійскай авіякампаніі «Аэрафлот». Паводле заявы групоўкі, узламалі кампанію яны разам з беларускімі «Кіберпартызанамі».