Караліна Цярэнцьева некалькі год таму была вымушана з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед. Паводле тэксту, дасланага актывістцы, можна прасачыць усю «кухню» падрыхтоўкі падобных судовых працэсаў — піша праваабарончы цэнтр «Віцебская вясна».
Караліне даслалі і прадстаўленне па яе грамадзянскай справе за подпісам пракурора Лёзненскага раёна Віцебска Аляксея Бузікава. Там, у прыватнасці пазначана, што «экстрэмізм» на старонках віцебскай актывісткі быў «знойдзены» падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт непасрэдна ў будынку раённай пракуратуры па адрасе г. П. Лёзна, вул. Леніна 100Б. І што кантэнт старонак Караліны Цярэнцьевай у Instagram і «ВКонтакте» знаходзіцца ў адкрытым доступе.
Якія канкрэтна матэрыялы старонак узбурылі раённую пракуратуру, не пазначана, але ў дакуменце ўказана, што іх рэкамендавана прызнаць «экстрэмісцкімі» на падставе артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і ч. 2 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Паказальна, што яшчэ да прыняцця судом нейкага рашэння, пракурор раёна ўжо патрабуе «накіраваць копію ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Пра дату разгляду Лёзненскі раённы суд мусіць спавясціць раённую пракуратуру. З дасланых дакументаў вынікае, што працэс прызначаны на 15 гадзін 13 жніўня. Караліна Цярэнцьева кажа, што будзе настойваць на ўдзеле ў працэсе дыстанцыйна. Раней (у 2020-2021 гг) дзяўчыну неаднаразова затрымлівалі і каралі за «ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».
нг