Беларуская Служба

Лукашэнка: ЗША не рабілі канкрэтных абяцанняў за вызваленых 21 чэрвеня

01.08.2025 09:00
Дыктатар заявіў, што нібыта прапаноўваў амерыканскаму боку вызваленне «тысячаў» зняволеных за розныя злачынствы, але амерыканцы адмовіліся.
Аляксандр Лукашэнкафота: Drop of Light/shutterstock

На нарадзе з беларускімі дыпламатамі 31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт нядаўняга памілавання шэрагу палітвязняў пасля перамоваў з прадстаўнікамі ЗША, паведамляе «Свабода».

У тым ліку Лукашэнка заявіў, што нібыта прапаноўваў амерыканскаму боку вызваленне «тысячаў» зняволеных за розныя злачынствы, але амерыканцы адмовіліся. Пры гэтым не ўдакладняецца, ці гаворка, калі яна была, вялася пра палітвязняў.

Паводле Лукашэнкі, амерыканскі бок не адказаў, што дасць узамен за вызваленых 21 чэрвеня 14 вязняў.
«Я кажу: «Хлопцы, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Жадаеце – забірайце. Што ўзамен?» – «Мы падумаем«. – Ідзіце думайце», – цытуе словы Лукашэнкі БелТА.

21 чэрвеня ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам сустрэўся спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг.

Паводле БЕЛТА, «у парадку дня перамоваў Лукашэнкі і Келага былі міжнародная праблематыка і ў цэлым сітуацыя ў свеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амерыканскія адносіны».

Праз некалькі гадзінаў пасля сустрэчы стала вядома пра вызваленне і вываз за мяжу 14 палітвязняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея.

аз