Беларуская Служба

Лукашэнка зараз не згодны даць РФ калідор для наступу — кіраўнік ГУВ Мінабароны Украіны

03.08.2025 09:05
Рэжым Лукашэнкі даў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. 
Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца ў КарэлііPAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV/SPUTNIK/KREMLIN POOL

Аляксандр Лукашэнка на гэты момант не згодны даць Расіі калідор для паўторнага наступу на Украіну з поўначы, такое меркаванне выказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі ўкраінскага Міністэрства абароны Кірыл Буданаў.

Военачальнік выказаўся на гэты конт у інтэрв’ю ўкраінскай журналістцы Наталлі Масійчук для яе аўтарскага праекта «Масійчук+», піша Позірк.

«Зараз ён катэгарычна на гэта не згаджаецца і не пагодзіцца — зараз, — падкрэсліў Буданаў. – [Але,] у канчатковым выніку, мы ўсе памятаем 2022 год, калі адбылося тое, што ўсе бачылі. І мы проста маем быць моцнымі і гатовымі да чаго б там ні было, тады з намі не здарыцца нечаканасцяў. Гэта ад нас залежыць усё».

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі даў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе частка расійскіх войскаў знаходзілася ў Беларусі — асабовы склад і тэхніка засталіся на яе тэрыторыі пасля вайсковых вучэнняў «Саюзная рашучасць».

У верасні 2025 года ў тым ліку на беларускай тэрыторыі плануецца правесці сумесныя з РФ стратэгічныя вучэнні «Захад».

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны не выключаюць «нейкіх дэманстратыўных дзеянняў» у напрамку ўкраінскай мяжы падчас згаданых манеўраў. У той жа час прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сувязі з гэтымі вучэннямі неаднаразова заяўляў пра магчымасць узброенага ўварвання войска РФ на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі па аналогіі з падзеямі лютага 2022 года.

28 траўня міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў на сустрэчы з калегамі з краін АДКБ пра «зніжэнне параметраў» вучэнняў «Захад-2025» і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.

Аднак месяцам пазней, 23 чэрвеня, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка паведаміў, што ў рамках манеўраў Беларусь можа перамясціць «асобныя падраздзяленні» да заходніх межаў, каб «адпрацаваць эпізоды выключна абарончага характару».

Позірк/ав