Беларуская Служба

Праваабаронцы: Ператрусы праходзяць ва ўдзельнікаў мерапрыемстваў да Дня Волі не толькі ў Варшаве і Вільні, але і ў іншых гарадах

06.08.2025 13:28
Напярэдадні Следчы камітэт заявіў, што ўстанавіў асобы 207 удзельнікаў беларускіх акцый, якія праходзілі за мяжой на Дзень Волі.
         , 15  2020 .
Пікет салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі ў Старым горадзе Варшавы, 15 ліпеня 2020 г.А. Вялічка/radyjo.net

Праваабаронцам вядома пра ператрусы ў беларусаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах да Дня Волі за мяжой, паведамляе «Вясна».

Па дадзеных праваабаронцаў, ператрусы адбываюцца ў людзей, якія бралі ўдзел у акцыях і мерапрыемствах не толькі ў Варшаве і Вільні, але і ў іншых гарадах за мяжой.

Тым, хто зараз знаходзіцца ў Беларусі, раяць абавязкова паклапаціцца аб сваёй бяспецы: звярнуць увагу на публікацыі ў сваіх сацсетках і не захоўваць небяспечныя фатаграфіі на тэлефонах. Таксама просяць паведамляць праваабаронцам аб палітычным пераследзе за ўдзел у замежных акцыях салідарнасці.

«Люстэрка» нагадвае, што напярэдадні Следчы камітэт заявіў, што ўстанавіў асобы 207 удзельнікаў беларускіх акцый, якія праходзілі за мяжой на Дзень Волі (25 сакавіка 2025 года). Сцвярджаецца, што сілавікі распачалі ператрусы і арышты іх маёмасці.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч заявіў, што ўдзельнікі замежных акцый прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 361-4 (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).

Прапагандыст Ігар Тур у эфіры АНТ зачытаў імёны, прозвішчы, імёны па бацьку некаторых з іх, а таксама агучыў адрасы аб'ектаў нерухомасці, якія належаць ім у Беларусі.

5 жніўня МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і ўручылі ноту ў сувязі з «запланаваным правядзеннем у Варшаве дэструктыўнага мерапрыемства». Так у ведамстве назвалі Марш Свабоды і канферэнцыю, якія дэмсілы правядуць у польскай сталіцы 9-10 жніўня.
Беларускія сілавікі заявілі, што ўдзельнікам гэтых акцыяў таксама «пагражаюць крымінальныя справы, ператрусы і арышты маёмасці».

Дэмсілы папрасілі ўлады Польшчы аб дадатковых мерах бяспекі на мерапрыемствах у Варшаве 7-10 жніўня.

«Люстэрка»/ав