Беларуская Служба

Пасля зацішша ў Гомельскай вобласці зноў пачулі дроны

20.08.2025 14:33
Дрон праляцеў над Нароўляй у невядомым напрамку. 
   Shahed
Беспілотны лятальны апарат ShahedAnelo/Shutterstock

Увечары 19 жніўня ў Гомельскай вобласці зноў фіксаваліся расійскія беспілотныя лятальныя апараты, якія трапілі ў паветраную прастору Беларусі падчас атакі тэрыторыі Украіны. Сітуацыя зноў была нетыповай, піша «Флагшток». 

Паводле звестак рэсурсу, каля 22:00 у Нароўлі чулі характэрны гук «мапеда». Дрон праляцеў над райцэнтрам у невядомым напрамку, паведамілі сведкі. 

У гэты час украінскія маніторынгавыя каналы не фіксавалі залётаў з тэрыторыі Беларусі, але адзначалі іх пазней: два «Шахеды», што заляцелі з Гомельскай вобласці, накіроўваліся з Кіеўшчыны на Жытоміршчыну за некалькі хвілін да 23:00 — паводле звестак канала «ППА Радар». 

Паводле інфармацыі іншага канала, «еРадар», першапачаткова адзін з дронаў з’явіўся ў раёне Чарнігава ў 22:30, затым лакацыйна быў страчаны і каля 22:50 з’явіўся ў Чарнобыльскай зоне ў Кіеўскай вобласці, паведаміў прадстаўнік канала «Флагштоку». 

Факт перасячэння мяжы Беларусі маніторшчыкам зафіксаваць не ўдалося, але яны адзначылі, што, меркавана, гэта быў рэактыўны беспілотнік, які развівае хуткасць да 300—350 км/г. Верагодна, гэта першы выпадак выкарыстання паветранай прасторы Беларусі для пралёту рэактыўнага «Шахеда». У Нароўлі ж чулі дрон са звычайным рухавіком. 

Перад гэтым апошні раз расійскі БпЛА адзначаўся ў Гомельскай вобласці раніцай 15 жніўня. Тады адразу два маніторынгавыя каналы паведамлялі пра тое, што каля 9:00 і 10:00 беспілотнік неўстаноўленага тыпу накіроўваўся з Беларусі да мяжы Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласці. 

Да гэтага на працягу 10 дзён было зацішша — пасля таго як ноччу 4 жніўня дзве групы БпЛА неўстаноўленага тыпу (меркавана, ударных) заходзілі на Чарнігаўшчыну з боку Беларусі. 

Тады таксама не фіксаваліся дакладны час і месца перасячэння мяжы — з таго часу залёты расійскіх беспілотнікаў сталі нетыповымі, што можа сведчыць пра змяненне тактыкі атак расійскай арміі.

вс