Арганізатары літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця абвясцілі выбар журы пасля галасавання за поўны спіс гэтага сезона.
Паводле статута, у яго ўваходзіць 12 кніг, аднак сёлета журы выбрала ў спіс 13 выданняў. «У час пасяджэння, прысвечанага вызначэнню доўгага спіса, журы прэміі Гедройця прыняло рашэнне павялічыць колькасць пунктаў доўгага спіса да трынаццаці ў звязку з супадзеннем галасоў за дванаццатую і трынаццатую пазіцыі ў дадатковым галасаванні», – паведамляецца на сайце Bellit.info.
З гэтага спісу будзе сфармаваны кароткі спіс – шэсць пазіцый, а пасля вызначацца лаўрэаты прэміі – кнігі, што атрымаюць першае, другое і трэцяе месцы.
Заснаваная ў 2012 годзе літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця прысуджаецца за найлепшую беларускамоўную кнігу прозы, якая выдадзеная ў папяровым, электронным або ў аўдыё-варыянце ў папярэднім годзе ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
Поўны спіс:
- «Мое баба — Діректор морга» — Вольга Аполька (Голя з Ополя) (самвыд);
- «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» — Вольга Вялічка (выдавецтва Gutenberg Publisher);
- «Вольнеры. Бясконцы дзень» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч»);
- «Гульні Цырцэі. Раман» — Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);
- «Занзібар. Сталенне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
- «Стрыжэ і піша» — Сяргей Календа (выдавецтва Gutenberg Publisher);
- «Перамена месцаў» — Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
- «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
- «Апошняе пакаленне» — Макар Валынкін (выдавецтва «Янушкевіч»);
- «Жыццё ў дванаццаці апавяданнях» — Аляксей Правалоцкі (выдавецтва «Янушкевіч»);
- «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва Alena Kazlova);
- «Гвалт» — Аляксандр Чарнуха (выдавецтва «Янушкевіч»);
- «Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва Audiobooks.by і выдавецтва «Янушкевіч»).
вс