Беларуская Служба

Беларусь паставіла ў Нікарагуа 128 МАЗаў, але грошы за іх пакуль не атрымае

27.08.2025 15:34
Беларусь будзе прадаваць спецтэхніку ў Нікарагуа, але выручку атрымае не адразу, бо продажы ажыццяўляюцца ў крэдыт.
Грузавікі вытворчасці Мінскага аўтамабільнага заводу Фота: agat-group.com

У сталіцы Нікарагуа горадзе Манагуа адбылася перадача першай партыі тэхнікі МАЗ, якая складаецца з 128 адзінак, паведамілі ў Міністэрстве прамысловасці Беларусі.

Ва ўрачыстай падзеі ўзялі ўдзел пасол Беларусі на Кубе, у Дамініканскай Рэспубліцы і Нікарагуа па сумяшчальніцтве Віталь Барчук і дарадчык прэзідэнта Нікарагуа ў пытаннях інвестыцыяў, гандлю і міжнароднай супрацы Лаўрэана Артэга Мурыйё, паведамляе «Белсат».

Як заяўляецца, беларуская тэхніка прайшла перадпродажную падрыхтоўку на базе сэрвіснага партнёра Мінскага аўтазаводу ў Нікарагуа і цалкам гатовая да эксплуатацыі.

Беларусь будзе прадаваць спецтэхніку ў Нікарагуа, але выручку атрымае не адразу.

Згодна з пагадненнем, якое зацвердзіў Савет Міністраў, Беларусь прадае спецтэхніку Нікарагуа ў крэдыт. Умовы крэдыту невядомыя. Але згодна з сусветнай практыкай Нікарагуа можа прэтэндаваць на льготныя крэдыты пад 1–3% гадавых з тэрмінам пагашэння 10–15 гадоў. Мінск плануе зарабіць на адсотках, падтрымаць экспарт і разгрузіць склады.

Ці перажыве час выплаты крэдыту беларуская тэхніка, таксама невядома. Прадукцыя МАЗ рэгулярна загараецца, асабліва часта – у Расіі. Чарговы такі выпадак адбыўся 23 сакавіка 2025 года ў Кіраўскай вобласці. Магчыма, гэта таксама паўплывала на тое, што ў Расіі абваліўся продаж беларускіх аўтобусаў і грузавікоў.

вс