Міліцыя Віцебшчыны ў чарговы раз рапартуе пра тое, як падуліковыя крымінальна-выканаўчай інспекцыі «добраахвотна» працуюць на карысць грамадства. У Полацку каля 20 раней асуджаных грамадзянаў прыбіралі на могілках. Але людзі працавалі без элементарных сродкаў індывідуальнай абароны – нават без пальчатак. Па законе «Аб ахове працы» і санітарных нормах пры падобных працах абавязковы інструктаж і выдача сродкаў індывідуальнай абароны. Арганізатар нясе адказнасць за бяспеку ўдзельнікаў.
Аднак полацкая міліцыя прыкрываецца зручнай фармулёўкай «добраахвотная акцыя», каб абысці патрабаванні. Фактычна гэта – эксплуатацыя працы тых людзей, якія залежаць ад крымінальна-выканаўчай інспекцыі і якія не могуць адмовіцца, нават калі акцыя названая «добраахвотнай».
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск