Беларуская Служба

У верасні ў Польшчы пройдзе Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі

28.08.2025 07:03
На сённяшні дзень у Беларусі афіцыйна прызнаныя палітзняволенымі 1 тыс. 335 чалавек.
ТурмаShutterstock/Fanni_2021

26 і 28 верасня 2025 года пройдзе II Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі. Яго мэта – каардынацыі намаганняў па падтрымцы палітзняволеных і іх сем’яў, паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай.

Мерапрыемства – гэта двухдзённая сустрэча арганізацый, ініцыятыў, праваабаронцаў, актывістаў і сем’яў палітзняволеных.

Першы дзень, 26 верасня ў Варшаве, будзе прысвечаны агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, новым тэндэнцыям палітычных рэпрэсій і працы па вызваленні ды падтрымцы палітвязняў.

Другі дзень, 28 верасня ў Познані, стане пляцоўкай для сустрэч і дыскусій: адбудзецца кірмаш ініцыятыў, прэзентацыі профільных арганізацый і дыскусіі, падчас якіх удзельнікі абмяркуюць ідэі для вырашэння праблем. Праграма Кангрэса будзе апублікаваная бліжэй да мерапрыемства.

Далучыцца да мерапрыемства можна праз рэгістрацыю на Кангрэс, падачу заяўкі на ўдзел у кірмашы ці прэзентацыі, а таксама праз акрэдытацыю для СМІ.

Мерапрыемства арганізаванае Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі ў супрацоўніцтве з Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным Кабінетам і партнёрскімі арганізацыямі пры падтрымцы Фонду імя Розы Люксембург.

Паводле праваабаронцаў, на сённяшні дзень у Беларусі афіцыйна прызнаныя палітзняволенымі 1 тыс. 335 чалавек.

вс