Былы беларускі чыноўнік, цяпер актывіст дэмакратычнай апазіцыі Анатоль Котаў прыбыў у аэрапорт Стамбула з Варшавы 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон і пакінуў краіну праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам у 18.35, паведамляе турэцкае інфармагенцтва IHA.
Адвакат Алесь Міхалевіч у эфіры «Белсату» расказаў, чаму цалкам імаверныя найгоршыя сцэнары знікнення. Ён падазрае, што Котава маглі вывезці спецслужбы нейкай краіны морам.
Турэцкія журналісты сцвярджаюць, што Котаў перасякаў мяжу не з пашпартам, а з польскім падарожным дакументам, які Польшча дае ў тым ліку беларусам, якія не могуць «абнавіць» пашпарт на радзіме. Міхалевіч называе гэта дзіўным: каб уехаць у Турэччыну з польскім падарожным дакументам (dokument podróży dla cudzoziemca), бо грамадзянін Беларусі мусіць атрымаць турэцкую візу – гэта з беларускім пашпартам можна ўехаць без візы.
Міхалевіч робіць выснову, што Котаў выязджаў не добраахвотна, і можа, падчас гэтага быў непрытомны ці дзейнічаў пад пагрозай.
Раней паведамлялася, што Котаў вылецеў 21 жніўня з Варшавы ў Стамбул па асабістых пытаннях, быў на сувязі з роднымі і калегамі, а пасля 21.30 па польскім часе перастаў выходзіць на сувязь.
Анатоль Котаў - былы беларускі чыноўнік, ён быў сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, працаваў у пасольстве РБ у Польшчы, дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў. У 2020 годзе ён падаў у адстаўку з пасады намесніка загадчыка фінупраўлення ва Упраўленні справамі Лукашэнкі, пераехаў у Польшчу. Працаваў у Фондзе спартыўнай салідарнасці. У 2024 годзе Котава завочна асудзілі ў Беларусі па палітычных артыкулах на 12 гадоў пазбаўлення.
яс