Затрыманы Алег Шэпель – старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта і кіраўнік Беларускага таварыства інвалідаў зроку. Таксама не на волі дырэктар віцебскага прадпрыемства «Элект» Аляксандр Пілатаў. Пра гэта «Люстэрку» паведамілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы. На працоўных месцах абодвух кіраўнікоў заявілі, што тыя ў адпачынку, але не змаглі ўдакладніць, калі тыя вернуцца.
Асабісты нумар тэлефона Пілатава недаступны. На яго саронцы «ВКонтакте» і ў Viber-акаўнце пазначана, што ён не быў анлайн з 31 ліпеня. Пасля гэтага дня Пілатаў не згадваўся ў сацсетках «БелТІЗ» і ў навінах на сайце прадпрыемства. Таксама ў жніўні знік з тэлеграм-канала «БелТІЗ» і Шэпель, які раней быў там частым героем публікацый.
Журналістка «Люстэрка» звярнулася ў арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў зроку, якую ўзначальвае Шэпель, з нагоды запрашэння на мерапрыемства. Там сказалі, што кіраўнік у адпачынку і не можа гаварыць. Суразмоўніца таксама паведаміла, што на мерапрыемстве ў кастрычніку кіраўнік «БелТІЗ» «не зможа прысутнічаць», бо «будзе заняты ў гэты час па графіку».
У Паралімпійскім камітэце заявілі, што Шэпель у адпачынку. Дату яго заканчэння назваць не змаглі.
«Люстэрка» таксама звярнулася на прадпрыемства «Элект», якім кіруе Аляксандр Пілатаў. Там заявілі, што дырэктар у адпачынку і ў ад’ездзе, і не змаглі сказаць, калі ён вернецца.
На думку абедзвюх крыніц «Люстэрка», пытанні сілавікоў да Шэпеля і Пілатава маглі быць звязаныя з іх прафесійнай дзейнасцю.
Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што працу «БелТІЗ» даўно характарызавала высокая «карупцыянаёмістасць», аднак раней пытанні «закрываліся цішком».
Хто такія Шэпель і Пілатаў
Алегу Шэпелю 58 гадоў. Ён пяць разоў перамагаў на Паралімпіядах у складзе савецкай і беларускай зборных, прычым у зусім розных дысцыплінах: пяцібор'і, скачках у даўжыню і вышыню (двойчы), бегу на 400 метраў. Чатыры разы быў бронзавым прызёрам.
З 2002 года Шэпель працаваў і старшынёй Цэнтральнага праўлення таварыства інвалідаў зроку («БелТІЗ»). З 2003 года – то-бок ужо больш за 20 гадоў – былы спартовец узначальвае Паралімпійскі камітэт Беларусі. «Люстэрка» называла яго галоўным доўгажыхаром сярод дзейных кіраўнікоў у беларускім спорце.
Шэпель – адзін з прыхільнікаў таго, што «ва ўсім вінаватая Амерыка». На Гульнях 2016 года ў Рыа прыклаў руку да скандалу. Расійская зборная тады ў поўным складзе была адхіленая ад удзелу праз допінг, а прадстаўнік беларускай дэлегацыі Андрэй Фомачкін, насуперак правілам, выйшаў на цырымонію адкрыцця са сцягам краіны-суседкі. Шэпель постфактум заявіў, што гэта была не палітычная акцыя, а «жэст салідарнасці».
Аляксандру Пілатаву 40 гадоў. Ён кіруе прадпрыемствам «Элект» пяць гадоў, на гэтай пасадзе змяніў свайго брата. Да гэтага Пілатаў працаваў на Віцебскім электратэхнічным прадпрыемстве «Свет». Па выніках 2024 года Пілатаву надавалі ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» ў намінацыі «Сацыяльная сфера, сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь».
Прадпрыемства «Элект» знаходзіцца ў Віцебску і ўваходзіць у структуру грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў зроку». Там працуе 510 чалавек (269 з іх-людзі з аслабленым зрокам). Прадпрыемства выпускае электраўстановачную, святлотэхнічную прадукцыю, нізкавольтную і высакавольтную апаратуру і іншыя тэхнічныя вырабы.
аз