Літва, Эстонія, Латвія, Фінляндыя і Польшча звярнуліся да Еўракамісіі з сумесным лістом, у якім просяць дадатковага фінансавання на ўмацаванне знешніх межаў ЕС. Падставай сталі нядаўнія інцыдэнты з пралётамі дронаў і парушэннямі паветранай прасторы, паведамляе delfi.lv.
Міністры прапануюць уключыць у прыярытэты Фонду ўнутраных спраў ЕС на 2021–27 гг. развіццё сістэм назірання і супрацьдронных тэхналогій. Паводле кіраўніка МУС Літвы Уладзіслава Кандратовіча, рэгіён сутыкаецца з новымі выклікамі бяспекі, і толькі інвестыцыі ў сучаснае абсталяванне дазволяць гарантаваць бяспеку.
У ліпені два расійскія беспілотнікі «Гербера» заляцелі ў паветраную прастору Літвы з боку Беларусі, адзін нёс выбухоўку. Пасля гэтага Вільня заклікала НАТА разгарнуць сродкі супрацьпаветранай абароны ад дронаў.
Краіны-аўтары ліста таксама нагадалі, што ўжо больш за чатыры гады сутыкаюцца з гібрыднай атакай у выглядзе арганізаванай Мінскам нелегальнай міграцыі.
«Інвестыцыі ў ахову межаў Усходняй Еўропы — гэта агульная справа ўсіх дзяржаў-чальцоў ЕС і неабходная ўмова ўмацавання агульнай архітэктуры бяспекі», — адзначаецца ў звароце Літвы, Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі і Польшчы.
эж