Беларуская Служба

Беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, клічуць у КДБ на гутаркі пра «дзяржздраду»

01.09.2025 11:26
 Паведамляецца, што на падобныя гутаркі выклікаюць і ў Мінску, асаблівую ўвагу надаючы тым, хто прыязджае ў Беларусь рэдка.
МінскImage by Zdeněk Fekar from Pixabay

Беларусаў, што вяртаюцца дадому з-за мяжы, выклікаюць у КДБ на прафілактычныя гутаркі. Паводле Deutsche Welle, такія выклікі атрымліваюць нават тыя, хто не ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і не крытыкаваў уладу.

Жыхарка Гродзенскай вобласці распавяла, што пасля вяртання яе нечакана запрасілі ў мясцовае ўпраўленне КДБ. На сустрэчы яе падрабязна распытвалі пра жыццё за мяжой, кантакты, падпіскі ў сацсетках і стаўленне да ўлады. Асобна цікавіліся, ці спрабавалі яе вербаваць спецслужбы і ці чытае яна забароненыя рэсурсы. Усе адказы запісалі, пасля чаго супрацоўнік КДБ зачытваў, што лічыцца здрадай дзяржаве і якая адказнасць за гэта прадугледжаная. Жанчына павінна была падпісаць дакумент, што з гэтым яе азнаёмілі.

Яна адзначыла, што ўсё выглядала фармальна і падобна на «выкананне плана па прафілактыцы». Паведамляецца, што на падобныя гутаркі выклікаюць і ў Мінску, асаблівую ўвагу надаючы тым, хто прыязджае ў Беларусь рэдка.

эж