Прадстаўнікі беларускіх і польскіх СМІ звярнуліся да прэзідэнта Польшчы караля Наўроцкага з просьбай падняць тэму калегаў-палітвязняў на маючай адбыцца сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, паведамляе тэлеканал «Белсат», на які спасылаецца «Позірк».
Журналісты папрасілі садзейнічання ў вызваленні актывіста Саюза палякаў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута і 11 прадстаўнікоў «Белсата», якія знаходзяцца за кратамі.
У звароце адзначаецца, што Пачобут – «чалавек велізарнай адвагі і сумленнасці», ён з’яўляецца «сімвалам барацьбы за свабоду слова і права польскай меншасці ў рэгіёне», «гарачым патрыётам, адданым Польшчы і сваёй малой радзіме – Гродзеншчыне».
«Улады ў Мінску кінулі яго за краты за тое, што ён казаў і пісаў праўду пра складаную гісторыю польскіх крэсаў і рэгіёну. Яго абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці і экстрэмізме, хоць ён займаўся гісторыяй і пісаў, у прыватнасці, пра лёсы Арміі Краёвай на Гродзеншчыне і пра савецкую агрэсію супраць Польшчы ў 1939 годзе. Падобны лёс напаткаў адзінаццаць нашых калегаў з «Белсата», якія за сваю сумленную журналісцкую працу былі кінутыя ў беларускія турмы», – гаворыцца ў звароце.
Подпісы пад лістом паставілі не менш за 16 прадстаўнікоў беларускіх і польскіх медыя, спіс падпісантаў павялічваецца.
Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Польшчы запланаваная ў Белым доме на 3 верасня.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у месцах пазбаўлення свабоды ў Беларусі знаходзяцца 36 прадстаўнікоў СМІ.
вс