Беларуская Служба

Беларусь спрабавала прапанаваць Польшчы спрасціць мытнае афармленне і вярнуць цягнікі

02.09.2025 14:27
Беларускі бок прапаноўваў Польшчы паскорыць мытныя працэдуры на мяжы, але не атрымаў адказу на свой афіцыйны ліст.
  ()
Мяжа Польшчы (ілюстрацыя)Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

 Ідэю вярнуць чыгуначныя зносіны таксама праігнаравалі. Пра гэта ў інтэрв'ю ўльтраправаму польскаму выданню Nczas Info расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Бацэнка, піша «Люстэрка».

Па словах чыноўніка, у ранейшыя часы прымежнае супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы «складвалася выдатна». Аднак у 2022 годзе сітуацыя змянілася:

- Мы атрымалі афіцыйныя лісты ад уладаў двух польскіх ваяводстваў з апавяшчэннем аб скасаванні раней заключаных пагадненняў. З таго моманту да сённяшняга дня ніякага супрацоўніцтва і афіцыйных кантактаў паміж ваяводскімі ўладамі і Брэсцкім аблвыканкамам ужо няма. Засталіся толькі прыватныя сувязі, але гэтага відавочна недастаткова для падтрымання паўнавартаснага партнёрства, – паскардзіўся Бацэнка.

Ён распавёў, што «з незразумелых прычынаў, польскія калегі нават не ідуць на абмеркаванне бягучых пытанняў».

- Раней начальнік польскага памежнага пункта ў Тэрэспалі рэгулярна сустракаўся з нашым кіраўніцтвам для каардынацыі працы, напрыклад, у барацьбе з кантрабандай. Цяпер жа польскія памежнікі не выходзяць на кантакт, нягледзячы на нашыя шматлікія звароты хаця б для таго, каб аблегчыць рух і паскорыць перасячэнне мяжы, – дадаў чыноўнік.

Ён падкрэсліў, што сёлета беларускі бок накіраваў афіцыйны ліст на адрас Польскіх дзяржаўных чыгунак з прапановай аднавіць чыгуначныя зносіны паміж Тэрэспалем і Брэстам, якія былі спынены з-за пандэміі каранавіруса ў 2020 годзе.

- Аднак на нашу афіцыйную прапанову мы не атрымалі ніякага адказу, нават фармальнай адмовы: ліст проста праігнаравалі, – паскардзіўся намеснік кіраўніка Брэсцкай вобласці.

Аналагічны лёс, паводле яго слоў, чакаў ініцыятыву беларускага боку па аптымізацыі мытнага кантролю на мяжы, каб скараціць час чакання для падарожнікаў:

- Мы прапанавалі польскай мытнай службе канкрэтныя меры па паскарэнні афармлення, але і ў гэтым выпадку ніякай рэакцыі не было.

Беларусь неаднаразова прапаноўвала Літве, Латвіі і Польшчы аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны.

Польшча адказала, што аднаўленне паведамлення залежыць «ад паводзінаў беларускага рэжыму ў дачыненні да палякаў у Беларусі, тэхнічнай абароненасці дзяржаўнай мяжы, а таксама зніжэння пагрозы масавай міграцыі, у тым ліку спынення нападаў і правакацый з боку беларускіх службаў».
У літоўскім МЗС заявілі, што не падтрымліваюць ідэю зноў пусціць пасажырскія цягнікі паміж Вільняй і Мінскам.

Люстэрка/ав