У аўторак расійскі беспілотнік зайшоў на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусі, паведамілі Ваенна-паветраныя сілы Украіны. Гэта першы выпадак за амаль два месяцы, калі Расія выкарыстала паветраную прастору Беларусі для нападу на Украіну.
Расійскі беспілотнік, верагодна, Шахед-131/136 або падобны, зайшоў на тэрыторыю Украіны блізу зоны адчужэння вакол нядзеючай Чарнобыльскай АЭС. Затым ён накіраваўся на поўдзень, верагодна, у бок Кіева. Украінская сталіца была атакавана як мінімум тузінам расійскіх беспілотнікаў у аўторак раніцай.
Папярэдні інцыдэнт выкарыстання паветранай прасторы Беларусі для нападу на Украіну адбыўся 12 ліпеня гэтага года. У ліпені гэтага года было зафіксавана 96 парушэнняў паветранай прасторы Беларусі расійскімі беспілотнікамі. Для параўнання, за ўвесь 2023 год такіх інцыдэнтаў было 145, з якіх 36 беспілотнікаў пасля праляцелі над Украінай.
Беспілотнікі «Шахед-131/136» і іх расійскія аналагі «Геран-2» з'яўляюцца найбольш распаўсюджанай ударнай зброяй у нападах Расіі на Украіну. Падчас нападу 30 жніўня беспілотнікі склалі 537 з 582 адзінак узбраення, якія выкарыстоўвала расійская армія.
Выпадкі парушэння паветранай прасторы расійскімі беспілотнікамі закранаюць і іншыя краіны – Румынію, Літву і Польшчу. У ноч з 19 на 20 жніўня расійскі беспілотнік разбіўся каля горада Осіны ў Люблінскім ваяводстве.
PAP/ав