Няпростая сітуацыя са здароўем узнікла ў Калінкавічах. Там які год цягнецца рамонт раённай бальніцы, яшчэ і закрылі радзільнае аддзяленне. Жанчыны павінны ехаць у Мазыр - піша BGmedia. Праблема ў тым, што мост, які злучае Мазыр і Калінкавічы, ужо два гады на рэканструкцыі. Аб’езд займае ў некалькі разоў больш часу. Напрыклад, працягласць маршруту №6, які злучаў мікрараён «Зарэчны» з «мацерыковым» Мазыром, павялічылася больш чым у 4 разы, час у дарозе — у 3.
Мазырская радзільня перапоўненая, бо туды ж накіроўваюць і жанчын з Ельска, Нароўлі і Жыткавіч.
Жыхары Калінкавіч незадаволеныя сітуацыяй.
«Мая дачка шмат разоў была на захаванні, вельмі цяжка пераносіла цяжарнасць, а тут яшчэ і радзільнае аддзяленне закрылі ў нашых Калінкавічах і гінекалагічнае таксама. Калі пачаліся роды, трэба было везці яе на машыне ў радзільню ў Мазыры, і мы ўсю дарогу перажывалі, што не паспеем. Яшчэ і радзільня ў Мазыры была перапоўненая. Думаю, што гэта цуд, што яна наогул не нарадзіла ў дарозе, бо ехалі аб’ездам, праз новы мост у Новіках», — расказала жыхарка адной з вёсак Калінкавіцкага раёна.
У каментарыях пра закрыццё радзільні ў Калінкавічах людзі падзяліліся набалелым: сітуацыя з закрыццём радзільняў датычыцца не толькі райцэнтра, але і ўсёй Беларусі. Так, закрыта радзільня ў Вілейцы, і трэба ездзіць у Маладзечна. Закрыты радзільныя аддзяленні ў Глыбокім і Докшыцах, хоць мясцовыя жыхары былі супраць. З Хойнікаў на роды едуць у Рэчыцу — гэта 60 кіламетраў, з Пружан і Ганцавіч — у Баранавічы.
У Полацку радзільню будавалі 12 гадоў, але ў 2024-м яе ўсё ж знеслі і прапанавалі жанчынам ехаць у Наваполацк. Туды ж накіравалі і мам з Глыбокага і Докшыцаў.
Насельніцтва Беларусі да 2100 года можа скараціцца ўдвая — прагноз ААН
У 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58 993 дзіцяці, што на 8,7% менш, чым у 2023-м. Нараджальнасць у Беларусі ў пераліку на 1000 жыхароў цяпер знаходзіцца прыкладна на тым самым узроўні, што і ва Украіне ў ваенны час. Ва Украіне ў 2024 годзе нарадзілася 177 тысяч дзяцей, што складае 6 на 1000 жыхароў. У Беларусі — 59 тысяч дзяцей, гэта прыблізна 6,6 на 1000 жыхароў.
Калі ў 2016 годзе ў Беларусі на свет з’явілася 117 779 дзяцей, то ў 2024-м — толькі 58 938. Нараджальнасць у рэспубліцы за восем гадоў скарацілася ўдвая.
Паводле прагнозаў ААН, насельніцтва Беларусі можа скараціцца ўдвая да 2100 года і складзе прыкладна 4,5 мільёна чалавек.
нг