Беларуская Служба

Для дзяцей палітвязняў сабрана да пачатку навучальнага года амаль 20 тыс. еўра – BySol

06.09.2025 09:14
Сабраныя сродкі пойдуць на «дапамогу для 250 дзяцей палітвязняў і вызваленых».
Школафота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Пра завяршэнне збору для дзяцей палітвязняў, прымеркаванага да пачатку навучальнага года, паведаміў фонд салідарнасці BySol.

Паводле стану на 5 верасня, сабрана 19 тыс. 951 еўра з заяўленых 26 тыс. 080, вынікае з інфармацыі на сайце фонду, піша «Позірк».

У Тэлеграм-канале BySol гаворыцца, што сабраныя сродкі пойдуць на «дапамогу для 250 дзяцей палітвязняў і вызваленых».

На сайце фонду ўказана, што сродкі сабраныя для 172 дзяцей з 253.

«Мы дзякуем кожнаму і кожнай, хто зрабіў свой унёсак у гэты збор! Дзякуючы вам дзеці палітвязняў ужо атрымалі або атрымаюць у бліжэйшы час выплаты па 100 еўра – гэтыя грошы звычайна ідуць на куплю школьных прылад», – паведаміў BySol.

Падкрэсліваецца, што канчатковая сума, неабходная для задавальнення ўсіх заявак, складае 26 тыс. еўра. «Мы бяром на сябе абавязак знайсці магчымасць з дапамогай партнёраў і донараў сабраць поўную суму, каб ніхто з дзяцей не застаўся без падтрымкі», – адзначылі ў арганізацыі.

Увесну фонд сабраў больш за 25 тыс. еўра для арганізацыі летняга адпачынку для дзяцей палітвязняў і экс-палітвязняў. На кожнае дзіця да 16 гадоў таксама выплачвалася дапамога ў памеры 100 еўра.

вс