Гродзенскія памежнікі, абапіраючыся на аператыўную інфармацыю, выявілі 4 верасня ў памежжы беспілотнікі і прадметы, прызначаныя для «супрацьпраўнай дзейнасці», паведаміла 6 верасня прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта. Пра гэта інфармуе «Позірк».
Дакладная лакацыя не пазначаная, аднак паколькі да мерапрыемстваў па спыненні парушэння заканадаўства прыцягнулі ў тым ліку супрацоўнікаў АУС Гродзенскага райвыканкама, можна меркаваць, што гаворка пра Гродзенскі раён, які мяжуе з Польшчай і Літвой.
«Пры аглядзе мясцовасці выяўленыя два БЛА, пускавая ўстаноўка, матацыкл, а таксама аўтамабіль, – гаворыцца ў паведамленні. – У транспартным сродку знойдзеныя тэлефон, ноўтбук, 10 акумулятарных батарэй самаробнай вытворчасці і два пульты кіравання беспілотнікам».
Ведамства не ўдакладняе, ці быў затрыманы хто-небудзь, звязаны са знаходкай, але паведамляе, што высвятляюцца «іншыя ўдзельнікі незаконнай дзейнасці». «Прызначаная экспертыза, па выніках якой будзе дадзеная прававая ацэнка», – адзначыў Дзяржпамежкамітэт.
Заяўляецца, што гэта чацвёрты за тыдзень выпадак выяўлення беспілотнікаў у памежжы.
У апошні час дроны і аэрастаты актыўна выкарыстоўваюць кантрабандысты для дастаўкі ў ЕС нелегальных грузаў, як правіла, цыгарэт.
вс