Польшча абвясціла ў вышук Марціна Мікалаека, які адкрыта сімпатызуе Расіі і ў сваіх сацыяльных сетках актыўна выказваўся аб вайне ва Украіне. У 2023 годзе ў Польшчы яго асудзілі за ўхвалу развязання вайны. Той уцёк у Беларусь, а цяпер жыве ў расійскім Екацярынбурзе, дзе, паводле яго слоў, атрымаў прытулак.
Мікалаек паходзіць з гораду Свідніца. Абвінавачанні яму выставілі яшчэ 31 траўня 2022 году. А 9 чэрвеня ён апынуўся ў Беларусі, дзе выступіў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1».
«Калі ў Польшчы скажаш, што ты за Расію, становішся чалавекам не другога, а трэцяга гатунку. У Польшчы няма свабоды слова. Свабода слова ёсць у Беларусі», – прыводзіць словы з ягонага выступу Wyborcza.
У 2023 годзе Акруговы суд у Свідніцы завочна асудзіў Мікалаека і наклаў на яго штраф у памеры 7,4 тыс. злотых. Акрамя таго, ён павінен быў кампенсаваць судовыя выдаткі. У прысудзе адзначылі, што ў сваім профілі ў Facebook той размяшчаў допісы і каментары, якія падтрымліваюць Расію, расійскае войска і гвалт супраць украінскага насельніцтва паводле нацыянальнай прыкметы.
Ён так і не заплаціў штраф, таму пакаранне яму замянілі на 75 дзён пазбаўлення волі. У жніўні 2025 году яго абвясцілі ў вышук.
Свабода/ав