Беларуская Служба

У Беларусі затрыманы журналіст Кірыл Пазняк

13.09.2025 11:21
4 верасня, у дзень прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем« ютуб-канала «Платформа 375«, затрыманы прызнаны датычным да яго журналіст Кірыл Пазняк.
 .
Кірыл Пазняк.Foto: Відэазапіс: «Платформа 375» / стоп-кадр: «Позірк»

Рашэнне прызнаць «экстрэмісцкім» канал, зарэгістраваны ў красавіку 2021 года, які мае 4,05 тыс. падпісчыкаў і 3,41 млн праглядаў, у тым ліку эфіраў з удзелам праўладных прапагандыстаў, прыняў Камітэт дзяржбяспекі, піша «Позірк». З таго ж дня рашэнне прызнана такім, што набыло моц. У «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці« канал, а таксама яго акаўнты ў «ЦікТоку« ўключаны 11 верасня. «Платформа 375« стала 311-м «экстрэмісцкім фарміраваннем».

За два дні да рашэння КДБ, 2 верасня, суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў канал «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У 2021-2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана з’ехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 года з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня«) – у Мінску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядучы, шоўмэн) – у Варшаве.


Анонс дэбатаў з прапагандыстаміАнонс дэбатаў з прапагандыстамі. Скрыншот: «Позірк»


Адным з вядучых дэбатаў быў Кірыл Пазняк. Ва ўступным слове ён заявіў, што дэбаты патрэбныя для стварэння «дыялогавай пляцоўкі, каб апаненты маглі хаця б пачуць адзін аднаго», а таксама каб «павышаўся ўзровень і культура дэбатаў, дыскусій», а бакі, якія спрачаюцца, атрымалі магчымасць «вяшчаць не толькі на сваю аўдыторыю, а таксама на аўдыторыю апанентаў, якія не вызначыліся, і на публіку апанентаў».

У сваю чаргу Азаронак заявіў перад дэбатамі: «Як паказвае практыка апошніх двух гадоў, глупства даводзіць змагароў да цугундара і іншых непрыемных рэчаў. Так што чакаем чарговага збіцця немаўлятаў. Павінна быць цікава». «Хацелася б пачуць меркаванне апанентаў па некаторых важных вострасацыяльных пытаннях і падзяліцца з імі сваім бачаннем. Мяркую, будзе вельмі цікава», – сказаў перад пачаткам Юрый Церах.

Тыя дэбаты набралі 38 тыс. праглядаў. Іх інфармацыйным партнёрам было польскае «Радыё Унет».

Далей канал «Платформа 375» спецыялізаваўся на навінах Магілёўскай і Віцебскай абласцей, прытрымліваючыся нейтральнай падачы.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у месцах пазбаўлення волі без уліку Пазняка 27 супрацоўнікаў СМІ.

11 верасня ў рамках здзелкі паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам было вызвалена 12 журналістаў і блогераў. Усяго ў той дзень адпусцілі і прымусова адправілі ў Літву 51 зняволенага, яшчэ адзін, Мікалай Статкевіч, вярнуўся на беларускі бок, у пункт пропуску Каменны Лог. Інфармацыі пра яго лёс няма больш за суткі.

вх